Да вёскі памяці сцяжынка
Мяне ў думках прывяла.
Яна празрыстаю слязінкай
На сэрца мройнае лягла.
Так душу болем захіснула-
Вось хата родная стаіць.
У вокны ўпотай зазірнула-
Святло,як некалі,гарыць.
Баюся рухацца,застыла,
Хачу імгненні затрымаць,
Каб часам роднае не змыла,
З мінулым ніці б не парваць.
Прывіды таюць,не паспела,
А столькі хочацца сказаць!
Цяплом сваім іх не сагрэла
І не змагла пацалаваць.
Мне нехта шэпча,мусіць вецер,
Што ў сэрцы не пануе час.
Агеньчык родны вечна свеціць,
Заўсёды ён чакае нас.