Такую дзёрзкую,у чырвані рысую
Не на паперы,а ў сваёй душы.
Хачу запомніць я цябе такую.
А не з апалым лісцем на шашы.
Уся агнём палаеш ад пачуццяў,
Бо ведаеш,што ў апошні раз.
Яшчэ прыгожая ў асенняй каламуці,
Але даўно падлічаны твой час.
І я прадбачу,што цябе зняважаць
Халодны вецер з праліўным дажджом.
Па твары слёзы горкія размажа
Клін жураўліны восеньскім крылом.
Няшчаснай станеш,кінутай жанчынай
У шэрым свеце гэтай злыбяды.
Прыкрыўшы сорам мокраю галінай,
Застынеш,быццам скамянееш ты.
А я ў барве,дзёрзкую рысую
Не на паперы,а ў сваёй душы.
Хачу запомніць я цябе такую,
А не з апалым лісцем на шашы.