Заснула поле, дрэмле зерне.
Блукае дзесьці белы сон,
На ноч асенні дзень паверне,
Узяўшы сонца ў палон.
Сявенька з жытам залаціцца.
Імчыць за доляй час наўскач.
Каб ніве жытам узрадзіцца,
Стаіць на покуці багач.
У жыце свечка,  нібы сонца.
Варожыць побач жытні дух.
 Над багачом, як абаронца,
Змыкае ён сакральны круг.
У шчасце верыцца, у долю,
У вечнасць жыта, у дабро,
У светлы ранак, нашу волю,
У зноў багатае жніво.