Засеў на селішчы дзядоўнік,
Пусціў глыбока карані,
Хоць не садзіў яго садоўнік,
Хоць не шукаў ён глыбіні.
Забыта сцежка да парога.
Глядзіць у вокны бадыллё.
Відаць, ад погляду пустога
Дзічэе ў яблыні галлё.
Начуе вецер пад страхою.
Шукае радасць на двары.
Яе хапала тут уволю,
Пакуль былі гаспадары.
Цяпер вакол адзін дзядоўнік,
Калючка проста, ці бур’ян.
Ды толькі ён і не віноўнік,
Што каля селішча дзірван.