У час мяцежны, пераломны,
Калі ў хлусні са злом хаўрус,
Аддана, шчыра і нястомна
Малюся я за Беларусь.
За Беларусь, дзе кожны трэці
Ахвярай быў у час вайны,
Дзе ваявалі нават дзеці,
Сівелі, быццам палыны.
За Беларусь, дзе хлеб надзённы
Нялёгкай працаю даецца,
Дзе сейбіт кожнаю вясною
На ўсходы зноўку спадзяецца.
За Беларусь, адкуль у вырай,
Буслы самотна адлятаюць,
Куды назад, нібыта ў рай,
Іх крылы зноў і зноў вяртаюць.
За Беларусь, свой дом і род,
Нашчадкаў радасныя вочы
І за шчаслівы свой народ
Маліся й ты штодня, штоночы.