Тупы-тупы,тупы-туп-
Полечка зайграла,
Разыдзіся,будзе тут
Месца ўсім нам мала!
Вось нямоглы дзед Антось
Коўзае па лаўцы
І падміргвае чагось
Ён бабулі Клаўцы.
Падпявае па крысе,
Мусіць не стрывае.
Барадой сваёй трасе,
Ногі падкідае.
"Хто смялейшы?!"-дзед крычыць
І дзяўчат шчыкае.
Полька ўсё хутчэй гучыць,
Да нябёс узлятае.
"Эх!"-бабулю падхапіў
І прысеў удала,
Так старую закруціў,
Што чуць не ўпала.
Адляцеў у бок абцас-
Нават не зірнулі.
"Мы яшчэ пакажам клас!"-
Хвацка падміргнулі.
Сыплюць смехам юнакі,
Пырскаюць дзяўчаты,
Скачуць бабы,мужыкі
Весела,заўзята!