БЕЛАРУСЫ СВЕТУ
Беларусь святая,
Зноўку нас вітаеш
Родных хат дымамі,
Крыламі буслоў,
І ў маленства наша
Зноўку нас вяртаеш,
Клічаш на спатканне
З першаю вясной.
Беларусам свету,
Нам на сэрцы светла.
Што, здаецца, сёння
Сэрца ў нас адно,
Бо адной любоўю
Да цябе, Айчына,
Як вадой крынічнай,
Поўнае яно.
Тут пад небам сінім
З намі Еўфрасіння
І Скарына з намі
Гутарку вядуць,
Колас і Купала,
Цётка й Багдановіч,
Танк і Караткевіч
З намі тут пяюць.
Беларусь-матуля,
Да сябе нас туліш,
Нас сабраўшы,
быццам
Васількі ў букет,
Нас сабраўшы,
быццам
Каласкі ў снапочак.
Нам з табой бязмежна
Мілы белы свет.
Як мы гонар маем,
Так і шчасце маем,
Беларусы свету,
Дзе б мы не былі, –
Да нябёс высока
Тост мы падымаем
За свой люд,
За росквіт
Роднае зямлі!