Казбекам добры друг-кунак,
Яго папахай ганарыцца.
Я з другам згодзен. Гэта так.
А чым магу я пахваліцца?
Свой край я ў думах абышоў
З канца ў канец раз сотню, мусіць.
Ні гор, ні мора, ні стэпоў
Нідзе няма на Беларусі.
Ну што ж, скажу я, — выбачай,
Няма вяршынь у нас высокіх,
Ды ты, мой дружа, прыязджай,
Быць можа, што падзе на вока.
У нас, куды б ты ні пайшоў,
Напэўна стрэціш ручаінку
У срэбным клёкаце размоў,
Як гаманлівую дзяўчынку.
Пабачыш ранкам на зары,
Як промні свой плятуць карунак,
Пачуеш, граюць як вятры
На чаратах, нібы на струнах.
Нямала ўбачыш па гаях
Рабін-красунь чырванашчокіх,
Заўважыш — у старых дубках
Паміж галін вісяць аблокі.
Пабачыш бор. А ён — байкар,
Нашэпча шмат табе — паэту,
I ў ім натрапіш на гушчар
Такі, што быў з пачатку свету.
I хай не стрэнеш вадаспад,
Крыніцы ўсмак напояць госця.
I скажаш ты: «Я згодзен, брат,
I ў вас нямала прыгажосці!»