Мой край азёрны, край люстраны,
З таемнай гутаркай лясной,
Чым да цябе я прывязаны,
Што ты заўсёды прада мной?
Гартаю час здалёку, зблізку,
Каб адшукаць той даўні дзень,
Калі пад спевы над калыскай
Пазнаў я пах смалістых сцен.
З тых дзён зрадніўся я з табою,
З табой з’яднаўся назаўжды —
На пасце торбай і трубою,
Ядою з хлеба і вады,
Салоўкі спевам на світанні,
Дзіцячай шумнаю гульнёй,
Чуццём юнацкага кахання
I ў полі першай баразной.
З табой зраднілі ручаіны,
На пожнях золкая раса,
I позірк сумнае хаціны,
I маці шчырая сляза.
Мой край азёрны, край люстраны!
I сёння я з табою ўвесь —
З палямі, з трактарам старанным,
З табою, неўгамонны лес.
Хіба яшчэ аб нейкім шчасці
Памарыць можа чалавек?..
Як неадлучны сын ад маці,
Вось так і я з табой навек!