Рады я, што ўбачыць давялося
На шляхах знаёмых
Залатую восень.
Перад вамі нізка я хілюся,
Родныя прасторы Беларусі!
Дык прымі паклон,
Сасновы гоман,
I ад тых,
Што не прыйшлі дадому,
Бо яны ў дарозе не прысталі,
Ім у сэрцы білі Нёмна хвалі,
Баравыя песні добра чулі...
Іх спынілі на дарозе кулі, —
Спяць яны ля Волгі і ля Дона,
Сняцца ім жытнёвыя загоны.
Мне й за іх пабачыць давялося
На шляхах знаёмых
Залатую восень.
Я прыйшоў з прыгоршчамі насення,
Каб дажджом рассыпаць па-над краем,
Мне пажар лістоў яго асенніх
Сэрца на спатканні сагравае.
Хай марозіць, а ісці не золка:
Бачу я —
Праменная вясёлка
Асушае нашых матак слёзы
I ўстае над Бугам і Бярозай.