Крывія
…і мы на гэтай зямлі, у гэтым краю,
праходзілі ўжо раз росквіт высокай
самаістай культуры, якая загінула…
В. Ластоўскі “Лабірынты”
Ты не верыш ні ў сны,
ні ў паданні,
ні ў прывіды,
ды аднойчы прысніш
невядомую Крывію:
жыхароў яе вочы
з блакіту прамытага,
валасы – хвалі спелага
колеру жытняга.
Воі – спрытныя целам
і сэрцамі шчырыя,
іх абранніцы – нібы
з нябеснага выраю.
Між бароў і дуброў
над рачнымі абрывамі
існуе
медунічна-крынічная
Крывія.
Думкі там не спакушаны
рунаў скрыжалямі,
асвятляюць там душы
агні незгасальныя.
Запаветамі
кола жыццёвае дзейнасці
паміж працай,
вяселлем
і модламі дзеліцца.
Ім бліжэй
на дзесяткі стагоддзяў
да ісціны.
Зоркі моўчкі варожаць
над лёсамі іхнімі.
З-за вякоў, што ўжо потым
пакрышацца крыгамі,
даганяе нас рэхам
арыйская Крывія.