* * *
Заблішчаць купалы на Купалу
ад высокіх паганскіх кастроў,
нібы з даўніх стагоддзяў паўсталых,
каб сагрэць нашу кволую кроў.
І ў глыбінях душы адгукнецца
патаемнае нешта, як звон.
Сэрцу некуды будзе падзецца,
сэрца мусіць скакаць праз агонь.
Вусны вуснаў крануцца нясмела,
сэрцы смеласці вуснам дадуць.
А пасля, распрануўшыся, целы
у купальскую ступяць ваду…
У сучаснай заблытанай драме
нібы краты над намі вісяць.
Толькі наша спрадвечная памяць
прагне Папараць-Кветку шукаць.