Божа Ўсявышні, Божа ласкавы — Зорных нябёсаў наш радавод, Чаму апастылым, нямілым, няўдалым Стаўся табе беларускі народ? Чаму ад знявераных нас адракнуўся? Жальба і самота — пакінутых лёс — Маркотаю ў сэрцах нямых зварухнуўся, Як боская кара прачыстых нябёс. Бог каго любіць — заўсёды карае... Над мудрасцю продка ўзышлі курганы. Кара — без Бога душа высыхае, Такая душа — умалот сатаны. Бо тое, што дадзена небам, як ласка: Золата слова, любові ў крыві — У сэрцах каменных заплеснела раскай. Знявечана: Бога любі. Не забі... Божы наказ, як выратаванне Душы чалавечае ад сатаны Кінуты д'яблу на здзек насмяяння — Пануе паўсюль царства зла і маны. Без веры, без роду нашчадкі-манкурты Продкаў не чуюць, згубілі душу. Іх слёзных літанняў нямыя акорды Без Духа Святога не зладзяць імшу. Народ не адолее д'яблавай сілы Без боскай любові, яго дабрыні. Божа магутны, Божа наш мілы, Няшчасных сляпых не адрынь, ахіні Сваёй даравальнаю сілай спагады. Ласкай нябеснай у сэрцы прыйдзі. Нашым злыбедам-няшчасцям дай рады Веру ў скалечаных душах збудзі. Божа Ўсявышні, Божа ласкавы — Зорных нябёсаў наш радавод... Толькі ў табе, з тваёй ласкай і славай Гэты попел і прах прасвятліцца ў Народ.