Міколу Прашковічу «На Беларусі Пчолы, як гусі», — Прыгадваў зямляк у выраі. Зоры спелі, зоры гаслі, Мох зязюльчын рос на вываратнях. «Ем сырую зайчыну Ды люблю Айчыну!» — Прысягаў паўстанец нябёсам. Дзверы дню маладому расчынены — Расой ішла песня босая: «Я здыму парчу, Ножкі абвярчу... Песню азяблую Сагрэць хачу...» Торкнецца ў крыгу лыч карасіны, Сонную роўнядзь успеніць. Згару я на вейцы тваёй расінкай, Беларусь — мая мова і песня.