Сюды сышліся ўсе мае кругі:
Акруга гэта – круг жыцця другі.
Мая буслянка – першы круг жыцця.
Я тут шчаслівы сёння, як дзіця.
На Звеставанне на радзіму я
Вярнуўся буслам на кругі свая.
Вярнуўся з весткай, што крылаты лёс
І мне дзіцятка-бусліка прынёс.
Я тут гляджу ў нябёсы, як малы,
Дзе кружацца знаёмыя буслы.
Яны таксама радасна мяне
Вітаюць зноў у роднай старане.
На Звеставанне на радзіму я
Вярнуўся буслам на кругі свая.
Вярнуўся з весткай, што крылаты лёс
Мне зноў дзіцятка-бусліка прынёс.
У нечым мы падобны на буслоў, –
Бывае, што і нам не трэба слоў.
І нас жагнаюць Божыя паслы,
Благаслаўляюць добрыя буслы.
На Звеставанне на радзіму я
Вярнуўся буслам на кругі свая.
Удзячны, што на бацькаўшчыну лёс
Са мной і буслянят маіх прынёс.