Над бясконцасцю акіяна
Цьмяна ўспыхвае зараніца.
Ад бяссонніцы акаяннай
Мне да раніцы не адбіцца.
Сярод скал бесхацінцам пахілым
Адзінота згубілася недзе.
Мне ж за выцвілым небасхілам
Hi бароў, ні сяброў не разгледзець.
Так далёка-далёка ад дому.
Б'ецца сэрца трывожна і гулка.
Настальгію сваю і стому
Я схаваў пад падушкай мулкай.
Дагарае апошняя знічка
На чужым раўнадушным небе.
А радзіма мяне не кліча.
Я радзіме, відаць, не патрэбен.
Што ж, ізноў, як сын нелюбімы,
Застануся з надзеяй і болем...
А мая дарагая радзіма
Мне патрэбна ўсё болей і болей.