Шэпчуцца з плёсамі срэбныя хвалі,
Крылы буслоў абдамюць зямлю.
Чапля з расінак зрабіла каралі,
Выгнула доўгую шыю сваю.
Хмарка гарэзліва дуб зачапае
І ў аблокі схавацца ляціць,
Як дыяменты, дажджынкі кідае.
Асілак магутны ўвесь зіхаціць.
Сонца ўстала,люстэрка шукае.
Нёман з павагаю дорыць сябе.
Лебедзь сваю прыгажуню чакае,
Хвалі кранае і крыламі б'е.
У кожны куточак хачу ўглядзецца,
Прагна паветра гаючае піць,
Аддаць без астачы ўсё сваё сэрца,
Істоту жывую ад болю закрыць.
Радзіма нам шчыры дае падарунак,
Блакітныя вочы з даверам глядзяць.
Не трэба чакаць ад яе той рахунак,
Каторы не зможам ніколі аддаць.