ПАД НЕБАМ РАДЗІМЫ
Я тут і праз падэшвы адчуваю
Сляды дзяцінства босага свайго.
Крынічнаю вадою ачышчаю
Душу ад непатрэбнага ўсяго.
Адзначаны жыццёвай новай вехай,
Гляджу замілавана ўдалячынь.
І ясна так юнацтва чую рэха,
Пад бацькаўшчыны небам ідучы.
У вёсцы пад адкрытым небам танцы –
Язміну водар кружыць галаву.
З дзяўчынкай сарамліваю у вальсе
На хвалях хвалявання я плыву.
Якія словы вымавіць не знаю, –
Дыханнем апякаю вушка ёй.
І зоркі ўзнёсла кружацца над намі
У небе мілай вотчыны маёй…
Дарогі па зямлі мяне кружылі, –
Нярэдка горкім быў чужбіны дым.
Ды дзякуй Богу, як да сэрца жылы,
Шляхі мяне ізноў вялі сюды,
Дзе мары, як калісьці, б’юць крыніцай,
Пачуцці тут выходзяць з берагоў.
І цёплы, летні дождж вярбою ніцай
Спадае з неба роднага майго…