Перачытаўшы мноства добрых кніг,
Становіцца балюча і агідна,
Калі ў спіну чую злосны крык,
Што я дурное быдла.
Перавучыўшы шэраг дысцыплін,
Узяўшы лепшыя ідэі ў чужынцаў,
Ніяк не зразумею факт адзін:
Калі я стаў злачынцам?
Шануючы гісторыю вякоў,
Я гонар, веліч, моц бяру як складнікі,
Пытаннем задаюся зноў і зноў:
У чым я здраднік?
Аддаўшы сваёй справе ўсю душу,
Сумненні я наконт яе адрыну,
Апроч сумлення больш нічога не прашу,
А чую стрэл у спіну.
Як ні судзі, як ні катуй, перадусім
Перажываючы чужое гора,
Яно напоўніцу становіцца маім.
Ну і каму я вораг?