Перад мальбертам, як іконай,
Душа ірвецца да нябес,
Каб ласкай боскай блаславёнай
У фарбах вылепіць свой лёс.
А лёс мой — маці Беларусі,
Яе веліч, крыўда, боль.
О, як сабраць мне краскі ў скрусе
Душой, ахутанай у золь?
Каб перадаць сваё маленне
Прад гэтай боскаю красой:
Прад васільковым азарэннем
Палёў, расквечаных расой,
Прад гэтай вечнай песняй хлебу,
Што з сонца выспелых жытоў.
З ільноў, што вытканыя з неба,
З ружовай мройнасці садоў.
Ды ўжо даўно мая палітра —
З Палесся вечных туманоў —
Як я сама, п'е водар ветру
З маіх надпрыпяцкіх лугоў.
I блякне кобальт срэбны ранку.
Хмурнее возера блакіт —
Тут чорнай, мёртваю буслянкай
Ляжыць журба паміж ракіт.
Ой вы, чарнобыльскія цені
Невыказанае тугі...
Крылом зламаным птушкі Жэні
Баліць мой пэндзаль дарагі...
Знайшоўшы стыль — душа жывая
Зямелькі роднай, яе боль.
Мой лёс, ты будзь спагады раем:
Мне гэта выказаць дазволь.