* * *
Прысненне дзіўнае і лёгкае:
у сціхлай завадзі рачной
шчупак самотны гучна плёхкае
і цені зыбяцца чаўноў.
А дальш, у чаратох прыстоеных,
дзе звыкла жамяра гудзе,
а гукі дыхаюць сутоннямі,
ступае нехта па вадзе.
Аброслы раскаю і згорблены,
пасрэбраны увесь луской,
спавіты воднай прахалодаю,
павольна ён ідзе ракой.
К яму хінуцца вербы ніцыя
і цішу поўніць дзіўны звон.
І падаецца мне, што быццам бы
так з рыбамі гаворыць ён.
І вочы цёплыя пабліскваюць
спаміж зялёных валасоў
і іскры ясныя распырскваюць
на мой далёкі, светлы сон.