«Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе».
«…шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха. Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага».
У.Караткевіч, «Дзікае паляванне караля Стаха».
На прасцягах Айчыны параненай
гаснуць пад капытамі знічы —
гэта даўнім праклёнам гнанае,
дзікае паляванне імчыць.
Цішыня растрывожана пошчакам —
то наўсцяж скаланае край
нетутэйшай лютасцю ўзрошчанае
рагатанне шалёных зграй.
Чуеш? Дзесьці ў лагчынах стоеных
паляўнічы рыкае рог —
сваіх прывідных кліча воінаў
з тагасвецця нянаскі бог.
Хіжы, з прагай крыві неспатольнаю,
аж трымціць ад бяссілля ён,
калі чуе, як годныя, вольныя,
прамаўляюць людзі заклён:
«Хутка, хутка настане раніца,
хоць з сутоння свайго яшчэ
заглынуць святло намагаецца
апраметнай начы ашчэр!
Ля хацінкі маленечкай кожнай
запалаюць, як колісь, знічы.
І агністыя, непераможныя,
рассякуць цемру промні-мячы!».