СТАРЫ МЛЫН
Каля рачулкі безназоўнай
у светлай вотчыне маёй
ёсць млын стары, ад вока схоўна
спавіты даўніной нямой.
Ён тут спрадвеку. Невядома,
хто збудаваў яго і як.
Не раз, паўдзённай гнаны стомай,
спачыць сюды прыходзіў я.
Рабілася світальна, добра
і цёпла неяк на душы
у гэтых сценах прахалодных,
у гэтай нерушнай цішы.
Калісь было: прыспаў змярканне
і прахапіўся сярод зор,
як быццам хтось у сне параніў,
па сэрцы паласнуў лязом.
Прыўзняўся, хутка звык да змроку,
паслухаў ценькі цёк вады
і праз рыпенне крохкіх крокваў
чыесьці крокі ўчуў тады.
І нехта цьмяны, велізарны
мне проста ў вочы зазірнуў,
сваім паглядам змрочным, хмарным
ён мне душу перавярнуў.
З тае пары я беззваротна
закуты ў стылыя ільды,
а у душы, пустой і мёртвай,
сціхотна да жуды заўжды.