Мілей за родныя мясціны
Нішто не можа ў свеце быць.
Любоў да роднае краіны
Ніяк не ў стане я забыць.
Хвалююць сэрца успаміны,
Яны прыходзяць, як заўжды.
Здаецца, што прайшлі хвіліны, —
Мінулі ж доўгія гады.
Як не любіць блакіту неба
Ды ціхі шолах баравы,
Духмяны пах ржанога хлеба
І кволай маладой травы.
Рамонкі ў жыце з васількамі,
Галоўку колас прыхіліў.
Сабраў, здаецца б, іх рукамі
І да грудзей бы прытуліў.
Туды, на родныя прасторы,
Хачу вярнуцца зноў і зноў.
Там ясна ў небе свецяць зоры,
І ночы доўгія без сноў.
Мінуць гады — і я вярнуся,
І мне бярозка пад акном
Пачне свой спеў, што ў Беларусі
Мой любы край і родны дом.
23.08.02