Мы чужынцы на роднай зямлі –
мову продкаў амаль што згубілі,
у косы песень “трасянку” ўплялі.
васільковы блакіт замуцілі.
Мы чужынцы на роднай зямлі –
векапомных званоў ужо не чуем,
нашу памяць снягі замялі,
мы скрозь сівер кудысьці качуем.
Мы чужынцы... Але ж не змагу
я ніколі ў гэта паверыць!
Сапраўды, нас згіналі ў дугу,
Сапраўды, зачынялі ўсе дзверы...
Але ж вось яна – наша зямля.
мы – народ з галавой пасівелай!..
...Кожны год пахне хлебам ралля
на Русі, што празвалася Белай.