Падыміце галовы ў блакітнае неба,
На хвіліну спыніцесь ля старых муроў,
Удыхніце салодкае лета паветра,
Каб напоўнілась сэрца да поўных краёў!
Зазірніце ў мінулае, там на пагорках,
Дзе бруілась жыццё ў стагоддзі былым,
Шмат гадоў будавалі палац нашы продкі,
Замак буйны, кляштар і капліцу за ім.
У сядзібным садку па зіме і ўлетку
Іншаземныя дрэвы кідалі свой цень,
І таполяў алеі на панскіх палетках
Праважалі вандроўцаў дамоў кожны дзень.
У прыбраных палацах княжацкіх родаў,
З-за фіранкі паненкі махалі ўслед.
Засталісь зараз там толькі прывіды зводаў,
Сутарэнні, падмуркі ды з цэглы макет.
Але ёсць і дагэтуль такія мясціны,
Дзе падлога і дах, і вакенцы са шклом,
Што насуперак усім не кранулі часіны,
Што трываюць, як могуць, маўклівы палон.
Так бяжыце хутчэй за ўражаннем светлым,
За дарогай каменнай, за адценем гадоў.
Ганарыцесь, шануйце, пакіньце іх цэлымі,
Каб было чым запоўніць да поўных краёў!