Мне ўсё дорага тут,
Люба, родна, прыгожа —
Гэта поле ў душы,
Гэта неба ў вачах,
I лясы, і кусты,
I трысцё па-пад Сожам,
I ў пажарах бяроз
Лістападаўскі шлях.
Як спяшаў я да вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
Хіба мог я калі
Хоць на момант забыцца?
Вамі жыў я
I ў сэрцы хацеў зберагчы.
Мне званілі штодня
З-пад Ушачы крыніцы,
Хвалі Нёмна будзілі
Не раз уначы.
Я ўставаў
I ішоў па ваеннай дарозе.
Верыў — дома мне быць,
Дабрыду, дажыву...
Хмары слёзы насілі
З Дняпра і Бярозы
I, як срэбрам,
Абсыпалі мне галаву.
Я спаткаўся з зямлёй,
З другам, братам, сястрою...
Што мне скажаце вы?
Што мне вам расказаць?
Гляньце ў сэрца маё, —
Я прынёс яго з бою,
На агні яго можна
Мячы гартаваць.
Гляньце, вочы мае
Ў сінім полымі болю, —
Не кажыце вы мне
Пра пакуты і жах,
Не кажыце пра гора,
Бо гора даволі,
Больш чым кладзі салдацкай,
Нясу на плячах.
Вось за крыўду і боль
I адпомсціць я мушу.
Гляньце — сёння ў грудзях
Толькі помста адна!
За сябе і за вас,
I за гэтую грушу,
Што з абвугленым голлем
Стаіць ля акна.
Мне ўсё дорага тут —
I ў прысадах дарога,
I задумлівы гай
Над высокай гарой...
Я пайду, кліча Буг!
Знаю я, перамога
Над усёю краінаю
Ўстане зарой.