Узвіся, наш
раскрылены штандар,
Святлом доўгачаканае свабоды,
Што промнем прабівалася з-за хмар
Гаротнаму,
астрожнаму народу.
Хай белым птахам,
з ранаю між крыл,
Беларусь мая,
што Божым шляхам
Да волі йшла праз стогн сівых магіл,
Уздымецца над лёсу чорнай плахай.
Каб заскуголілі ў бяссіллі крумкачы
Ад сытага,
захмеленага гневу, —
Што нескароны птах
сярод сляпой начы
Святло душы жывой панёс у неба.
Святло зямлі,
дзе ссохлі берагі
Людскога нераскрыленага духу,
Якое адцураліся й багі,
I дзе гарыць адзін палын
ды скруха.
I дзе дажджамі праз слату і золь
Абкрадзенай душы забытых продкаў
Выплакваецца незагойны боль
I кроў сплывае
з крыжавых пагоркаў.
О Беларусь!
Ты зорка, што гарыць
Агнём палынным у сыновых сэрцах...
Ляці ж, мой птах, да Бога хай ляціць
Малітва волі — як збавенне смерці.