Стамілася сонца,за лесам прысела
І росныя кроплі злажыла ў траву.
Нядаўна на небе яно зіхацела,
А зараз на ўзгорак кладзе галаву.
Праменняў агонь у расе прытушыла,
Каб сон не трывожыць прыціхлай зямлі.
З кустоў кучаравых падушку зрабіла,
І сонныя згадкі наўкол паплылі.
Гарэзлівы месяц з-за хмар выгладае,
Даўно натапырыў ён рожкі свае,
І зорку-нявесту за руку трымае.
І наавт употай цалуе яе.
Тумана кісель у лагчыну паліўся,
Ад лёгкага ветру хіснецца,дрыжыць.
За куст павучок незнарок зачапіўся,
Пагойдаўся крышку,маленькі, і спіць.
Пяе калыханку дрымота начная,
Таемныя чары на вочы кладзе.
Адно толькі філін маркотна ўздыхае,
Старому заснуць нешта ўсё не дае.