Закружыла Завіруха,
Карагоды завяла,
Роі снежных белых мухаў
Над зямлёю растрасла.
Паміж соснаў і бярозаў
Толькі хустка мільгаціць.
Танчыць з Ветрам і Марозам,
З-пад абцасаў снег ляціць.
З Ветрам-полечку-трасуху,
З падкідонам кракавяк.
Ну і дзеўка- Завіруха!
Усё не стоміцца ніяк.
Быццам выбелены мелам,
Да яе Мароз ідзе.
У прыгожым вальсе белым
Прыгажуню ён вядзе.
Тая ж усё не разбярэцца,
Які лепшы ёй жаніх.
Толькі танчыць і смяецца,
Мусіць,здзекваецца з іх.
Закружыла Завіруха,
Карагоды завяла,
Роі снежных белых мухаў
Над зямлёю растрасла.