Запыталася хата:
– Што так доўга не быў,
Што ты маме і тату
Пакланіцца забыў?!
Не знайшоўся з адказам
На пытанне у лоб,
Ды з маленства адразу
У вачах усплыло:
Я стаю на парозе,
Абхапіўшы вушак:
– Мама, глянь, ці падрос я? –
Зазвінела ў вушах!..
Запыталася хата:
– Што так доўга не быў,
Што ўваходзячы,
раптам
Гуз на лобе набіў?!