У коміне стогне завея старая,
Ёй хочацца крышку людскога цяпла.
То дзверы трасе,то ў акно зазірае,
То плюшчыцца цемрай да шкла.
-Пусціце ў хату завею сіву-у-ю!
Няўжо вам мне месца ля печы шкада?!
Сагрэйце вы душу маю ледзяну-у-ю!
Мяне закавала ў холад зіма.
У цемры гвалтоўна за плечы абдыме,
Кідаецца ў ногі, ісці не дае.
Сумёты змяце і ў неба падніме.
Ільдзінкамі сыплюцца слёзы яе.
Злуецца:ўпоцемку хустку згубіла,
І вецер сівыя страпаў валасы.
Заснежыла дрэвы і хаты ўкрыла,
Завыла ў полі на ўсе галасы.