Поўніць паветра спякотаю жнівень.
Душна. І многія ў хаце сядзяць.
Не выйшаў ва двор нават вецер лянівы
І нерухомыя дрэвы стаяць.
Мабыць, панурацца надта тугою,
Што хутка золата скінуць лістоў.
Людзі пад сонца спякотным канвоем
Крочаць паволі па зоне двароў.
Жвавым патокам, пылячы шыны,
І ажыўляючы хуткасцю дзень,
Побач імкліва нясуцца машыны,
Можа, як людзям ім хочацца ў цень.
Ходзіць нуда, як убогі бадзяга,
З клункам што цягнецца ў нейкую даль,
І, дварняком падляцеўшы нязграбным,
Ты, адзінота, мне лапу падай.
Сонныя думкі снуюць хаатычна,
Мэты няма ў іх, дый сэнс не як раз,
І на душы вяла, душна крытычна,
Як і на вуліцы ў жнівеньскі час.
Толькі да восені стукае ў дзверы,
Сонечных дзён прадвяшчае канец,
Светлых гадзін перагледжвае меры,
Жнівень – апошні лета ганец.