Зноў жалейкаю горнай,
                                    а не гордай сурмой
Плача сэрца маёй Беларусі.
Вянуць краскі лугоў і птушынай журбой
Восень свечкі запальвае ў скрусе.
Развітанне аселіц маіх дарагіх
Застывае ў маўклівым маленні.
А на струнах дажджоў,
                                     як на гуслях тугіх,
Грае вецер тугу-блаславенне.
Так, што чуецца ў гранні
                                        бяздольнасць і плач
Па закінутай Богам старонцы.
Тую песню падхопіць хіба адзін драч,
Ды і ў ёй не збавенне —
                                        а стронцый.