Да сёмага неба, туды, на вяршыню,
Ад ласкі бацькоўскай, ад роднага дома,
Ад поля, дзе ўлетку цвіце канюшына,
Да зорак, што вабяць святлом невядомым,
Імкнёмся – у нас яшчэ сілы стае,
Ляцім – не забыцца б вяртання дарогу,
Бо гэткая радасць з вяршыні тае,
Калі без Зямлі, без цяпла, без парога.
Без верных сяброў, без каханых сваіх,
Калі навакол толькі неба і неба,
Мы будзем маліцца на матчын уздых,
На пах сырадою і жытняга хлеба.
Мы будзем маліцца – маленне не грэх.
Мы будзем шукаць для вяртання прычыны.
Як ластаўкам жыць невыносна без стрэх,
Так нам без радзімы пражыць немагчыма.
Мы будзем вяртацца да роднай зямлі,
Да кожнай смяшынкі і кожнай маршчынкі,
Да белых буслоў, прылятаюць калі,
А потым з буслянкі ўслед за аблачынкай
Кіруюцца дружна да іншых шырот,
На бераг паўднёвы, на бераг далёкі,
І, як развітальны, самотны акорд,
Чуваць яшчэ доўга над хатамі клёкат.
Пад клёкатам гэтым спяваць і расці.
Зямля! Да цябе прыпаду я ў знямозе:
Вазьмі маё сэрца, ды толькі ў жыцці
Мяне не пазбаў прыцяжэння зямнога.