Калі, здарожаны тугой,
Сюды вяртаюся раз-пораз
І бачу зноў жытнёвы колас,
Лес пад вясёлкавай дугой, –
Я пачынаю разумець,
Чаму так цёпла на радзіме,
Чаму, ад’ехаўшыся ледзь,
Імчыш да вёскі, да адзінай...
Павее раніца дымком,
Раса на сонцы заіскрыцца,
І так захочацца забыцца,
Пакуль не глянеш навакол:
У вёсцы хаты ўсё радзей,
А школка родная, старая,
Не дачакаўшыся дзяцей,
На ўзгорку ціха памірае...
Радзіма. Вёсачка мая.
Гартаю дзедавы паперы,
І слоў не высечаш сякерай,
І мне шчымлівей удвая...
І сам не ведаю адкуль,
Я чую кліч адзін-адзіны,
Што ты і сам жывеш, пакуль
Жыве з табой твая радзіма.