Быць можа, дрэвы — гэта спрадвечныя
сувязныя
паміж шматфарбным і шматгучным
надземным, нашым светам
і маўклівым чорным
падземным светам.
А можа, дрэвы — гэта рукі нявінна
забітых і закатаваных людзей, што цягнуцца ў
неба
і ў адчаі нібы звяртаюцца да нас,
жывых, з просьбай вызваліць іх з вечнага
падземнага палону і вярнуць ім жыццё,
свабоду і волю, іх дзяцей, бацькоў.
А можа, дрэвы — гэта адмысловы музычны
інструмент нашай зямлі,
што грае нам музыку зямных глыбінь
і спявае нам шоргатам лістоты
сумныя і вясёлыя песні.
А можа, дрэвы — гэта нашы надзейныя
ахоўнікі,
якія атуляюць нас ад жыццёвых бур і пакут
і нячутна нашэптваюць нам
словы падтрымкі і любові…
Пытанні, пытанні…Іх мноства,
ды толькі адказаў няма:
бо ў ссечаных дрэў не спытаеш,
жывыя ж — зацята маўчаць.