На вуліцы золка, пахмурна ды снег,
а ў сэрцы ўжо ледзь не рулады
выводзіць нябачны цудоўны спявак,
выводзіць,
бо сёння Каляды.
Здалося на момант, што неба й зямля
спраўляюць заручыны; звады
няма анідзе, і разліўся паўсюль
узнёсласці дух,
бо Каляды.
І хочацца верыць у лепшае, і
ўсім рэшткам бязвер’я даць рады;
з’яднаюць, бы пацеркі, хай нас усіх
дзівосныя гэты
Каляды.