Родам я не з Рыо-дэ-Жанейра,
Пачуццём — не грэк, не азіят.
Пераняў славянскую манеру:
Праўду ў вочы — горка хоць — казаць.
Вырас я не ў штаце Каларада,
He на здобных булках і бабах.
Вязнем стаў я дзедавага саду
I зямлі ў акопах і дубах.
Вязнем стаў без ценю на спакусы,
Дзе ў валошкі вышыты абрус,
Дзе жывуць браточкі-беларусы,
Дзе ў жытах — краіна Беларусь.
Дзе ў матулі — студня і святліца,
Таямнічы прыцемак акон...
Я прыйду сюды, каб памаліцца,
Каб народу свой аддаць паклон.
Як ён змог і вытрымаць, і выжыць?!
Многім пазайздроснікам няўцям,
Як ён здолеў залацінкай вышыць
Шлях спаконны ў зборніку жыцця.
Ён і сёння са слязой і чаркай
Ноч палітыкуе давідна,
I спрабуе з горыччу цыгарнай
Сённяшняе з даўнім параўнаць.
Мой народ — пясняр і летуценнік,
Хлебароб, цясляр і пчалавод...
Веру: ты не станеш на калені,
Мой глухі, разбуджаны народ!