Яшчэ бацькоўскі зруб жыве,
I шашаль точыць столь і сцены...
Яшчэ карова у хляве
Жвакуе сон начны нязменна...
Яшчэ хусцінка у акне
Пільнуе сынаву усмешку...
Яшчэ даспелены ранет
Цалуе знічку над узмежкам...
Яшчэ вада у студні ёсць,
Яшчэ сябруе комін з дымам...
Я тут, прызнаюся, — не госць,
А твой атожылак, Радзіма!