Касматага і рыжага,
Як восеньскі стажок,
Гарэзу-блінакрада
Нёс бацька у мяшок,
I машыніст пракураны
За пачку папярос
Праныру безбілетнага
На выселкі завёз.
Міналі дні і месяцы,
Як кадры у кіно...
Пра рыжага свавольніка
Забыліся даўно.
Туманам слаўся верасень —
Шчадрэйшы грыбасей...
З дажынкамі-дакопкамі
Сплывалі дні часцей...
Дажджом і ветрам ранак
У шыбы грукатаў...
Пачулася ля весніц
Кароценькае «мяў»...
Мы выбеглі з сястрою
I глянулі за плот —
Аж ток прайшоў па скуры:
Без лапы плакаў кот...
Пушысты рыжык-пыжык,
Праныра-блінакрад...
А да бацькоўскай хаты
Без лапы поўз назад.
Малым я быў, а помню,
Як слёзы ліў з сястрой,
Як бінтавалі лапку
Кашуляю старой...
Буслоў кружыла восень,
Рабіны стыў касцёр...
А каля ганка роднага
Маўкліва кот памёр...
...У імпартных машынах
Шыкуе блазната...
А я любіць Айчыну
Вучуся у ката.