Бярозы плачуць...
Што ж, паплачце
У хмурны, сумны гэты дзень.
Над Беларуссю – цень няшчасця,
Трывожны і нябачны цень.
Вясна наступіць...
I пралескі
Праб'юцца радасна ў снягах.
Над сакавіцкім пералескам
Успыхне сонца цёплы сцяг.
А сёння хмурна...
Па дарозе
Ідзе самотны чалавек
I прыпыняецца ў знямозе –
Ён слёзы змахвае з павек.
Балюча сэрцу...
На Айчыне
Пад зоркай чорнай страшна жыць...
Мінулагодняя каліна
Крывінкай донарскай гарыць!