Ля мяжы Глыбокага з Паставамі
Спіць маё далёкае Хрыстова...
У бацькоўскай хаце па-над лаваю
Абразы глядзяцца ў ноч бязмоўную.
Я імкну туды душою грэшнаю,
Я крычу балюча-звар'яцела –
Там мае пачуцці найчысцейшыя,
Там душа, а тут – у Мінску – цела.
Тут усё пракурана-прапітае,
Тут і сны напоўнены далярамі,
Ёсць і тут, вядома ж, душы чыстыя,
Ды яны, як сонейка, за хмарамі.
Ды і там – няшчасці ў хатах стомленых,
П'яны сын ганяецца за бацькам...
Што такое, людцы, з вамі зроблена,
Ну адкуль такое ў нас вар'яцтва?
Як струна, нямая ціш напружана,
Зоркі за вакном і тыя ў скрусе.
Колькі ж – хто падкажа?! – Богам суджана
Нам яшчэ ісці да Беларусі?