Восень – жыцця паварот:
Свет атуляе знямога,
Млее ў сутонні дарога…
Выйсця не мае другога –
Дрэмле чуллівы чарот.
Як успамінам пяшчот,
Светла ірдзеюць бярозы.
Высахлі росныя слёзы.
Дзень абяцае марозны
Змёрзлай хмурыначкі спод.
Туліцца к лесу чарот
У безнадзейнай галечы,
Быццам прыход халадэчы
Чуе і ціснецца к печы
Рыжы знясілены кот.
Нізкі птушыных чарод
Шлях свой даверылі зорам.
Ціха згасае за борам
Сонца закатнага сорам –
Раніца наадварот.
Чахне ля рэчкі чарот
Ніца, гаротна, убога.
Што ты ўсё шэпчаш, нябога?
Не даляціць да нікога
Твой спавядальны зварот!
Валкага ветаха ўсход
Зноў адбірае надзею.
Ветрык увечар цішэе,
І дашаптаць не паспее
Важнае нешта чарот.
Богам забыты прыход,
Свет, на які я малюся,
Край, што завуць Беларуссю, –
Можна, к табе прытулюся,
Быццам гаротны чарот?..
Ліпень 2000