Не сумуй без мяне,
Далягляд пад буслінымі крыламі.
У радзімым акне
Дачакайся мяне, мая мілая.
Многа бачыў людзей,
Але нешта ні ўдзень і ні ўночы я
Не сустрэў анідзе
Прыгажэйшыя вочы дзявочыя.
Мне ўсю праўду, як ёсць,
Адкрывае зямля невядомая:
Пажаданы тут госць,
Ды, вядома, прыйшоў не дадому я.
І краіна, як рай,
Але тут не спявае душа мая
Без цябе, родны край,
Бо зямля мая – любая самая.
Сніцца мне цішыня
Пад світальнымі зоркамі стылымі.
Быццам я бусляня
І пакуль не валодаю крыламі.
У журбе, пехатой
Я спяшаюся золкімі ранкамі
Да мясціны святой,
Дзе і хаты, і дрэвы з буслянкамі.
Дзе гарэза-ручай
Размаўляе крынічна з парэчкамі.
І бярозавы гай
Прытуліўся ля сажалкі свечкамі.
І ў галлі салавей –
Нават лес вар’яцее ад пошчаку –
Так пяе, чарадзей,
Што, напэўна, чуваць і нябожчыку.
Вам бясконца магу
Гаварыць пра пагоркі і долы я,
Дзе вясёлкі дугу
Уздымаюць дубы небачолыя,
Дзе плывуць паплавы,
Ручнікамі туману спавітыя, –
Там пачуеце вы
Нашых песень радкі сакавітыя.
Там чакаюць сябры.
І старыя муры – таямніцамі.
Там паляны ў бары
Чырванеюць святочна суніцамі.
Там мой век і спачын,
Бо Радзіма заўсёды адзіная.
Многа ў свеце жанчын,
Але толькі матуля – радзімая.
Ты мяне сустракай,
Расхіні далячынь сваю шчырую,
Родны мой небакрай,
Я вяртаюся птушкаю з выраю.
Быццам песня, імя –
Не стрымаю пачуцці і вусны я.
Ты мая цеплыня
І пяшчота, і боль – Беларусь мая.
2000