Рунее даль празрыстаю смугой.
Сцішэлі паплавы, пагоркі, нівы.
Ахопленыя светлаю тугой,
Мінаюць дні ўсё больш і больш імкліва.
Ад Боскай ласкі нам у дар адна
Зямля, як быццам з нейкай дзіўнай казкі.
Ўсё ад Зямлі. Ад хлеба да радна,
Ад моцных каранёў да сціплай краскі.
Яна жыццё і сілы нам дае.
І век, і час, і кожную хвіліну
Нам дорыць казкі, песні нам пяе,
Смуткуе і прымае дамавіну.
Зямля працуе цяжка і здаўна.
Але апошнім часам мне трывожна.
Давай, каб не стамілася яна,
Хадзіць па ёй удзячна, асцярожна.
1999