На поўдні я калісьці быў,
На поўначы ў мядзведзяў,
Ды толькі больш за ўсё любіў
Паездкі да суседзяў.
У тых вандроўках незнарок
Запомніў я з маленства
Вясковай бабкі гаварок,
Што родам з-пад Смаленска…
Аднойчы я заехаў сам
Далёка за Усвяты,
На Пскоўшчыну, але і там
Святкуюць нашы святы…
Пад Вільняй быў на хутарах
І сам дзівіўся цуду:
Так беларушчынай прапах –
Заўсёды помніць буду…
“Шумеў сурова бранскі лес,”
А я сядзеў і слухаў.
У спрэчкі мужыкоў не лез –
Патыліцу ўсё чухаў…
Знянацку трапіў аж пад Цвер.
Там вёскі: Волат! Пожня!..
І ў атлас я гляджу цяпер,
Прынамсі… асцярожна.
Ну што пра Польшчу мне ізноў?!
Бываў пад Беластокам,
Дык ад размовы двух паноў
Аж шыбанула токам!
Ад той знаёмай гаманы
Забыў я пра закуску.
Гаворку між сабой яны
Вялі… па-беларуску!
Я больш цікаўлюся цяпер
Гісторыяй дзяржавы.
І выклікае недавер
Мяжа – не без падставы.
Ну, а калі завёз сваяк
У вёску пад Чарнігаў –
Дык стала ясна мне ўсё як
Разгорнутая кніга.
Я, вінаваты без віны,
Намотваю на вусы,
Што не суседзі ўсе яны –
Радня!..
Бо беларусы!
1999