Калі ішла дзяльба аблог –
Бог вырашыў даволі проста:
Даў скрыжаванні ўсіх дарог,
Як кажуць у народзе, – ростань.
З усіх краін шляхі вядуць
Амаль абапал нашай хаты –
Не абысці, не абмінуць
Наш край, прывабны і багаты.
Усё прыпомніць трэба час.
Варагі шыбавалі ў грэкі,
А з грэкаў – зноў ішлі праз нас –
Няслі палон, рабунак, здзекі.
Мангол тут швэндаўся і швед,
(Мо толькі неграў не хапала),
І кожны пакідаў свой след,
А Беларусь усё трывала!
Спакон вякоў так і пайшло:
Татараў – вон, крыжак спяшае
Данесці з захаду “святло”,
З усходу – “брата” прэцца зграя.
Вось так патроху і дзяўблі!
То злева абскубуць, то справа…
Ахвярны лёс маёй зямлі –
Амаль звялася ў нас дзяржава.
На выбар: з маскалём хаўрус
Ці зноў, пшэпрашам, жыць пад панам.
Таму літвін, ці беларус,
І стаў ліслівым ды рахманым.
Бо ён змарнеў ад тых пакут
І адлучыўся ад дзяржавы:
"Свой трэба выратаваць кут,
Які там сцяг – не нашы справы".
Ды тут прыйшоў падкуты бот.
Пакуты, здзек, мазгам атрута…
На жаль, не ўратаваў народ
Закон Вялікага Статута.
На скрыжаванні тых дарог
Не йдзе на лад краіны справа.
У бойках чалавек знямог,
І стала ў нас прыгонным права.
Двух розных матак пакрысе –
У нашай прыказцы народнай –
Ліслівае цялятка ссе.
Дурное (гордае) – ніводнай!
Ці зменіцца гаротны лёс,
Ці назаўжды наканавана
Чакаць ад стомленых нябёс,
Калі на нас пральецца манна?
Вакол квітнеючы мурог,
На выпас трэба йсці цяляці.
Яно дарослае, дальбог!
Не трэба цыцку ўжо смактаці!
1999