Беларусь мая родная, Маці-зямля!
Да вытокаў тваіх жыватворных крыніцаў
Мне б прыпасці, нібы да грудзей немаўля –
Прад табой спавядацца, табе пакланіцца.
Да цябе белакрылаю птушкай ляцець
Праз палеткі, лясы і нябёсаў бяздонне,
Каб сыноўскае сэрца любоўю сагрэць
У ласкавых тваіх і пяшчотных далонях.
Беларусь мая родная – праўды зямля.
Я старэю, а ты, як заўжды, маладая.
Скрозь вякі пралятаючы, песня твая
Міраносіцай мудрай народы яднае.
Расцвітай і да шчасця вядзі за сабой
Сваіх верных сыноў працавітыя раці.
Маё сэрца навек застанецца з табой,
Мая Белая Русь. Мая родная маці.