Я кожны міг імкнуся да цябе
Праз часу неабдымныя абсягі –
Усё жыццё – і ў шчасці, і ў бядзе –
Мне не спатоліць той душэўнай прагі.
Радзімы край – куток святой зямлі,
Які заўсёды ёсць у кожным лёсе,
Дзе сэрцу любы цёплы пах раллі
І водар траў, што сохнуць у пакосе.
Дзе бездані нябеснае выток –
Заве, і дорыць вандраванняў вецер;
Дзе кожная травінка і лісток
Складзе з табой адзінае суквецце.
Як хутка час адлічаны бяжыць…
Але праз лёс і праз нягодаў хмары –
Усё жыццё – да краю, да мяжы –
Сюды мае імкнуцца будуць мары.